г. Минск, пр. Дзержинского, 9, пом. 1002
+375 17 366 65 65+375 29 114 55 77
Заказать звонок

Оставьте ваш телефон и наш менеджер перезвонит вам в удобное для вас время

РусБел
Клуб «PREMIUM Decor»
Как получить доступ?
2014-2017 Premium-decor.by
© Все права защищены.
Главная/Статьи
2015
04 ноября

Артыкул Архітэктура і Будаўніцтва "Створым разам! Колеравы трэнд Беларусi"

Існуе мноства сродкаў, каб дасягнуць архітэктурнай гармоніі. Маштаб забудовы задаецца не толькі параметрамі фізічнага аб’ёму, але і архітэктурным рытмам, дэталямі, колерам – выяўленчым сродкам, які, дарэчы, часта выконвае ці не галоўную ролю ў стварэнні архітэктурнага вобраза. Напрыклад, вялікі аб’ём можна зрабіць без колеру – і яго маштаб паменшыцца, а дзякуючы адмысловаму колераваму вырашэнню нават невялікі будынак зрокава павялічыцца ў аб’ёме. І, безумоўна, кожнаму гораду (краіне) «да твару» свой колер, спецыфічнае, уласцівае толькі яму выкарыстанне колеру для фарміравання архітэктурнай кампазіцыі. Тым не менш даволі часта сустракаюцца такія колеравыя спалучэнні, якія не адпавядаюць ні месцу, ні ролі будынкаў у гарадской структуры.

Філасофія колеру

Ініцыятарамі і ідэолагамі праекта, канцэпт-ідэя якога заклікана прыцягнуць увагу да такіх важных пытанняў сучаснай архітэктуры і будаўніцтва, як выбар гарманічных колеравых спалучэнняў для інтэр’ернага і фасаднага афарбоўвання, выступілі салон PREMIUM Decor і ТАА «БудМАЙСТАРкам». Ідэю падтрымала архiтэктурная супольнасць, да яе далучыліся ГК «А-100», вытворцы фарбаў MAV i Caparol, Беларускі саюз дызайнераў, УП «Мінскграмадзянпраект», УП «Мінскпраект», ГК «Алютэх» i iнш. Мэта праекта – распрацоўка навукова абгрунтаванай канцэпцыі колеравых трэндаў Беларусі і стварэнне каларыстычнай базы дадзеных.

Ініцыятары праекта прыйшлі да высновы, што эфектыўны і, галоўнае, найбольш даступны кожнаму неабыякаваму спецыялісту і гараджаніну інструмент “барацьбы” за колеравую гармонію нашага жыллёвага асяроддзя – гэта яе папулярызацыя. Каб чалавек успрыняў ідэю, яму патрэбна “гісторыя”, пададзеная ў яркай і незвычайнай форме, патрэбна інфармацыйная нагода – дзеянне, падзея, відовішча. Так што фармат праекта пад эгідай PREMIUM Decor, калі ўдзельнікі-прафесіяналы агульнымі намаганнямі – талакой! – ствараюць канцэпцыю беларускіх колеравых трэндаў, а майстры прафесіяналы ператвараюць яе ў жыццё, дазволіць данесці да грамадскасці і гарадскіх уладаў ідэю неабходнасці сістэмнага падыходу да выпрацоўкі ўласнай каларыстычнай праграмы, як гэта ёсць у еўрапейскіх краінах. 

Сур’ёзная мэтанакіраваная праца па стварэнні камфортнага гарадскога асяроддзя, у якім будзе панаваць колеравая гармонія, пачалася на пачатку года. Актывістамі салона PREMIUM Decor, што стаўся дыялогавай і адукацыйнай пляцоўкай праекта, ладзяцца творчыя сустрэчы
з архітэктарамі і дызайнерамі, праводзяцца семінары і майстар-класы па дэкаратыўных і аздабленчых матэрыялах і новых тэхналогіях, падсумоўваюцца вынікі творчых пошукаў. 

“Наша задача – з’яднаць архітэктараў і дызайнераў, вытворцаў фарбаў і майстроў-дэкаратараў вакол ідэі і дзеля развіцця культуры ў гэтай галіне, – падкрэслівае ініцыятар праекта Васіль Кордзікаў, дырэктар ТАА «БудМАЙСТАРкам». – А грунтавацца яна павінна на гістарычных каранях, філасофіі ўзаемадачыненняў чалавека з навакольным асяроддзем, усведамленні гармоніі і прыгажосці. Над гэтым мы і працуем. І, магчыма, у нашым сумесным дыялогу народзіцца ісціна – якім быць сучаснаму гарадскому асяроддзю”.

Колеравы трэнд – формула гармоніі і прыгажосці

Кожная культура мае сваю сістэму колеравых сімвалаў, сваю мову колераў, якія па-свойму выяўляюць змест твораў архітэктуры. Ранейшыя эпохі даюць нам шыкоўныя прыклады колеравай арганізацыі асяроддзя ў розных стылях і пабудовах – ад велічных храмаў да аб’ектаў народнага дойлідства. Галоўным крытэрыем у іх з’яўляліся прыгажосць і гармонія, а колеравая гама мела сімвалічнае значэнне і аказвала вялізны псіхалагічны ўплыў на чалавека. 

Распрацоўваючы сучасную каларыстычную канцэпцыю, удзельнікі праекта – спецыялісты кафедры дызайна архітэктурнага факультэта БНТУ (распрацоўшчык – выкладчык кафедры, аспірант Дзяніс Дзегцяроў) сумесна з супрацоўнікамі салона PREMIUM Decor не маглі не звярнуцца да традыцый айчыннага дойлідства, культуры і, творча іх пераасэнсаваўшы, прапанавалі сваю формулу прыгажосці – канцэпцыю колеравых трэндаў Беларусі. Прычым прапанавалі таксама вельмі прыгожа – у выглядзе альбома з паэтычным апісаннем колераў і адценняў беларускага жыцця. 

Што ляжыць у яе аснове? Навукова абгрунтаваныя разлікі, высакаякасныя матэрыялы, высокія тэхналогіі, экалагічна бяспечныя фарбы? Безумоўна. Але найперш – мастацкі вобраз з гледзішча шматвяковай культуры і традыцый, які грунтуецца на традыцыйных беларускіх колеравых спалучэннях. 

Распрацаваная аўтарамі каларыстычная канцэпцыя – свайго роду люстэрка ўзаемаадносін чалавека з уласнай гісторыяй і прыродай, іх усведамленнем і пошукамі сапраўднай гармоніі быцця. У адзінстве мастацкага вобраза у ёй раскрываецца змест васьмі спрадвечна беларускіх колеравых сімвалаў з паэтычнымі назвамі «Браслаўскі блакіт», «Восеньскі скарб», «Гаспадар», «Каляды», «Купалле», «Куфар», «Раніца», «Слуцкія паясы» – па пяць колераў у кожным.

Паглядзіце на фотаздымкі – і вы яскрава можаце ўявіць, якія яны, гэтыя колеравыя трэнды, іх фактуры, адценні, як яны ўплываюць на наша ўспрыманне, які інтэр’ер (ці фасад) яны могуць стварыць адпаведна нашым упадабанням і густам. Напрыклад, выкшталцаны інтэр’ер у рытме «Купалля» – «не затым, каб ускрэсла мінуўшчына, / а каб лепей убачыць наступныя дні, / да вытокаў душой дакрануўшыся». Завітае «Раніца» да вас, «цалуючы прамень, / умыўшы шчокі раніцы». «Браслаўскі блакіт» падаруе «васільковы спакой, / смутак верасу сіні, / палыновую памяць тугі…», а «Восеньскі скарб» прыварожыць «залатою шчымлівай парой…». Гэта толькі першыя «згарманізаваныя каларыстычныя падборкі, інспіраваныя помнікамі беларускай матэрыяльнай культуры, яе традыцыйнымі каларыстычнымі ўпадабаннямі і беларускім прыродным асяроддзем», – піша ў прадмове дызайнер, паэт, даследчык беларускай культуры Міхал Анемпадыстаў, адзін з актыўных удзельнікаў праекта.

Гэты альбом – першы крок беларускіх творцаў на шляху да ўласнай колеравай гісторыі. Праект шырыцца і набірае моцы. Да яго далучаюцца новыя спецыялісты са сваімі ідэямі, і кожны мае магчымасць прапанаваць свае варыянты. Занатаваць сваё адчуванне мелодыі колераў, «напісаць» сваю
партытуру для іх гарманічнага гучання ў адзінай колеравай сімфоніі горада заахвоціліся вядомыя беларускія архітэктары і дызайнеры Аляксандр Трусаў і Аляксандр Кратовіч, дызайн-студыя «Чацвёрты квартал», Інстытут добраўпарадкавання і гарадскога дызайну. 

Вынікам сумеснай творчасці напрыканцы года з’явіцца дакумент з распрацаванымі колеравымі трэндамі, а на яго аснове – буклеты з прэзентацыяй новых матэрыялаў і тэхнік, рэкамендацыі па іх выкарыстанні. Усё гэта стане добрай падмогай для спецыялістаў праектных і будаўнічых арганізацый, дызайн- і архітэктурных майстэрняў, якія змогуць “колеравыя” ідэі выкарыстоўваць у сваіх працах.

 

 

«Живописцы, окуните ваши кисти!..»

Менавіта так можна вызначыць змест і сэнс конкурсу прафесійнага майстэрства PROdecor-2015, з’ініцыяванага ў межах праекта “Створым разам! Колеравы трэнд Беларусі” салонам PREMIUM Decor і студыяй «Кухня дэкору» з удзелам Беларускага саюза дызайнераў. А паколькі галоўным інструментам у руках майстроў, што маюць досвед працы з дэкаратыўнымі матэрыяламі, з’яўляюцца фарбы, зацікаўленымі асобамі сталі таксама вядучая беларуская кампанія-вытворца лакафарбавых матэрыялаў МАV (гандлёвыя маркі Primavera, FLAGMAN і інш.), УП “Дыском”, якое ўваходзіць у групу кампаній DAW (гандлёвыя маркі Caparol, Alpina, Disbon), нямецкі вытворца прафесійнага малярнага інструменту STORCH, ГК «А-100».

Кожны конкурс ставіць свае мэты і задачы. Мэта PROdecor-2015 – павышэнне культуры выкарыстання дэкаратыўных і аздабленчых матэрыялаў і ўкараненне перадавых еўрапейскіх тэхналогій аздабленчых работ. А ключавымі задачамі конкурсу з’яўляюцца стварэнне новых узораў дэкаратыўнага аздаблення інтэр’ераў для выкарыстання ў творчых праектах, выяўленне новых тэхнік нанясення дэкору для наступнай рэалізацыі на аб’ектах Рэспублікі Беларусь. Ажыццяўляюцца яны ў наступных намінацыях:
– унікальная творчая ідэя;
– новая тэхніка нанясення дэкаратыўных пакрыццяў;
– лепшы ўзор, выкананы матэрыяламі Capadecor;
– лепшы ўзор, выкананы матэрыяламі Primavera.

Час, калі спажывец карыстаўся толькі абмежаванай колькасцю колераў і фактур фарбаў і штукатурак, цяпер здаецца недасяжна далёкім. Хуткая змена тэндэнцый, бясконцыя варыяцыі фактур і адценняў, інавацыйныя матэрыялы сталі характэрнымі прыкметамі “адзення” для сцен. І конкурс дае магчымасць стварыць сапраўдны твор інтэр’ернага мастацтва. Бо фарбы, што прапануе для гэтага PREMIUM Decor, маюць выключныя асаблівасці: яны здольныя надаць паверхні аб’ём і бляск, ствараць гульню колеру і святла, адлюстроўваць нават ледзь улоўныя пераходы адценняў… 

Канкурсанты – а гэта не толькі майстры-прафесіяналы, архітэктары, дызайнеры, але і студэнты архітэктурнага факультэта БНТУ і Акадэміі мастацтваў – умежах выбранага накірунку і дзякуючы адмысловым матэрыялам і інавацыйным тэхнікам стваралі самыя разнастайныя ўзоры дэкаратыўных паверхняў зададзеных фарматаў на “вольныя тэмы”. Работы з кантактамі выканаўцаў экспануюцца ў салоне PREMIUM Decor для шырокага абмеркавання.

 

 

Зараз падведзеныя вынікі першага тура, журы і эксперты на аснове зацверджаных крытэрыяў ацэнкі выбралі 10 лепшых работ, каб потым вызначыць пераможцаў, чые творчыя ідэі рэалізаваныя найбольш крэатыўна і цалкам адпавядаюць канцэпцыі конкурсу. А галоўным крытэрыем, безумоўна, з’яўляўся сумарны мастацкі эфект, у які закладзены гарманічны сінтэз колераў і тэхнік, што ў выніку дае адмысловы дэкор. Дарэчы, асобныя з конкурсных работ ўжо выкарыстоўваюцца на аб’ектах, напрыклад у рэканструкцыі санаторыя і гасцініцы пад Мінскам. І варта дадаць, што ўсе яны добра папрацавалі на ідэю, нароўні з іншымі ўдзельнікамі ствараючы пазітыўны “каляровы” настрой на агульным творчым свяце – XI Нацыянальным фестывалі архітэктуры “Мінск-2015”, што прайшоў 3–5 верасня на тэрыторыі Верхняга горада.

P.S. Фінал конкурсу адбудзецца напрыканцы кастрычніка. Для пераможцаў прадугледжаныя грашовыя прэміі за 1–3-е месцы, а таксама спецыяльныя прызы ад арганізацый-партнёраў. Пра гэта – у наступным нумары часопіса.

Аўтарт артыкула - Валянцiна Марцiновiч.

Выдавецтва - часопіс "Архітэктура і Будаўніцтва".

Спампаваць артыкул у электронным выглядзе.